ПАРАЎНА́ЛЬНАЯ МАРФАЛО́ГІЯ ЖЫВЁЛ,

комплекс навук, якія шляхам параўнання розных сістэматычных груп жывёл вывучаюць форму і будову іх цела і органаў у індывід. (антагенез) і гіст. (філагенез) развіцці з мэтай пабудовы натуральнай сістэмы жывёльнага свету. Выяўляе эвалюц. заканамернасці формаўтварэння (асабліва гомалагічных органаў), кірункі эвалюц. развіцця арганізмаў. Раскрывае прычыны і шляхі пераўтварэння органаў і арганізмаў у сувязі са зменай умоў існавання, растлумачвае наяўнасць анамалій развіцця і рудыментарных органаў, тэарэт. абгрунтоўвае біял. асновы клінічнай медыцыны, заатэхніі і інш. Уключае параўнальную анатомію жывёл, параўнальныя гісталогію, цыталогію, эмбрыялогію, паталаг. анатомію, функцыян. і экалагічную марфалогію. Цесна звязана з заалогіяй, сістэматыкай жывёл і інш. навукамі.

Асновы П.м. закладзены Арыстоцелем. Працы К.​Галена, А.​Везалія, У.​Гарвея, Леанарда да Вінчы сталі асновай сістэматыкі К.Лінея. У 18 ст. развіццё П.м. у працах Ж.Кюўе, Ж.Сент-Ілера, Ж.Б.Ламарка назапасіла матэрыял для стварэння эвалюц. тэорыі Ч.Дарвіна. У 19 ст. ням. біёлаг К.​Гегенбаўр увёў асн. паняцці П.м. — аналогію і гамалогію. У Расіі працы В.​А.​Догеля, М.А.Мензбіра, А.М.Северцава, І.І.Шмальгаўзена садзейнічалі стварэнню эвалюц. марфалогіі; А.А.Заварзіна, М.Р.Хлопіна — параўнальнай гісталогіі; К.М.Бэра, К.Ф.Вольфа, А.В.Іванова, А.А.Кавалеўскага, І.І.Мечнікава — параўнальнай эмбрыялогіі.

На Беларусі н.-д. работа па праблемах П.м. вядзецца ў ін-тах фізіялогіі і заалогіі Нац. АН Беларусі, БДУ, Мінскім мед. ін-це, Віцебскім мед. ун-це і інш. Значны ўклад зрабілі Д.​М.​Голуб, П.Я.Герке, С.І.Лябёдкін, П.А.Маўрадыядзі, М.Е.Макушок, М.П.Нікіценка, І.М.Сяржанін і інш.

А.​С.​Леанцюк.

т. 12, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)